Беларуская Служба

«У гэтым выпадку кажам пра лідараў нацыі, і такім лідарам безумоўна з'яўляецца Алесь Бяляцкі»

13.03.2025 06:03
Аўтар кнігі «Алесь. За беларускае жыццё…» Міхась Андрасюк.
Аўдыё
  • «У гэтым выпадку кажам пра лідараў нацыі, і такім лідарам безумоўна з'яўляецца Алесь Бяляцкі»
Алесь Бяляцкі з маці НінайЗдымак з кнігі «Алесь. За беларускае жыццё…»

У Польшчы выйшла кніга пра Алеся Бяляцкага. Кніга «Алесь. За беларускае жыццё…» складаецца перш за ўсё з размоў Міхася Андрасюка з вядомым праваабаронцам, якія прагучалі ў эфіры Радыё «Рацыя» ў перадачы «Вочы ў вочы». Выданне багата ілюстраванае фотаздымкамі Алеся Бяляцкага з дзяцінства ажно да моманту апошняга зняволення. 

Алесь Бяляцкі быў сябрам Беласточчыны і беларусаў, якія тут пражываюць, гаворыць дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» і старшыня праўлення Радыё «Рацыя» Яўген Вапа

Гэта кніга пра Алеся Бяляцкага як нашага сябра і абаронцы Беласточчыны ў розных справах. Напрыклад, калі быў суд над «Нівай», ён вельмі моцна заангажаваўся ў нашы абарону. І што важна, Алесь Бяляцкі чытаў усе нумары «Нівы», калі была яшчэ магчымасць адпраўляць яму па электроннай пошце. А калі ён прыязджаў да нас, то вяртаўся з поўным багажнікам кніжак. І я ведаю, што ён іх чытаў, бо потым, калі мы сустракаліся, ён пытаў мяне пра розныя аспекты, якія былі ў гэтых кнігах.

Калі Алесь прыехаў да нас у 2016 годзе, я адмыслова арганізаваў паездку ў Белавежу, каб там пасядзець і паразмаўляць, а Міхась Андрасюк старанна да гэтага падрыхтаваўся. Гэта было тры дні размоваў, і трэба прызнаць, што такое падрабязнае інтэрв'ю не часта сустракаецца. Людзі, якія чыталі гэтую кнігу, гавораць, што яны шмат якіх рэчаў пра Алеся не ведалі. Асабліва тут важныя лісты з войска ў 1985 годзе. Яму тады было 22 гады, і я сам нават здзіўляюся спеласці яго думак, ідэйнасці, погляду на нашу гісторыю і веды, яго начытанасці.

Ля помніка Максіму Багдановічу ў Ялце Ля помніка Максіму Багдановічу ў Ялце

Аўтар кнігі Міхась Андрасюк гаворыць, што калі размаўляў з Алесем Бяляцкім, то нават не думаў, што гутарыць з будучым нобелеўскім лаўрэатам. 

Пра людзей, хто паспяхова праявіў сябе ў культуры, літаратуры, палітыцы, мы ведаем асноўныя біяграфічныя факты: дзе і калі нарадзіўся, дзе вучыўся. Калі ён пісьменнік, то што напісаў і гэтак далей.

А ў выпадку Алеся Бяляцкага мне хацелася слухачу, а пазней, як атрымалася, і чытачу, распавесці крыху больш. Напрыклад, пра беларускага хлопчыка, народжанага на далёкай расійскай поўначы ў рускамоўнай сям’і і такім жа асяроддзі, пра ягоны шлях да свядомага беларуса, да патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, гатовага ахвяраваць за свае ідэалы свабодай і здароўем. 

Чалавека ствараюць абставіны і людзі, з якімі ён сустракаецца, таксама стварае чалавека ход гісторыі. І вось, прыходзіць момант, і чалавек сам пачынае ствараць гісторыю: вызначае мэту, пракладае шлях і вядзе за сабой іншых. У гэтым выпадку кажам пра лідараў нацыі, і такім лідарам безумоўна з'яўляецца Алесь Бяляцкі.

Вокладка кнігі Вокладка кнігі

Пачыналі мы размову з дзяцінства, з пераезду ў Беларусь, пра першыя захапленні беларускімі краявідамі і беларускім словам. Размаўлялі пра студэнцтва: пра першыя мроі пра сваю дзяржаву ў той час, калі не было амаль ніякіх намёкаў на тое, што магутны Савецкі Саюз можа разваліцца. Нашыя размовы ішлі таксама пра самаадукацыю, пра ўзаемаадукацыю, пра нібыта банальны студэнцкі музычны гурт «Баскі». Ну, банальная справа, бо хто ж у той час не браўся за гітару? Але гэтая гітара перарастае тут у інструмент куды важнейшы, у інструмент, які выклікае і пашырае цікавасць да сваёй культуры і сваёй гісторыі. І дапамагае пашыраць кола паплечнікаў, далучаць да беларускай ідэі новых маладых людзей. 

А яшчэ мне хацелася таксама даведацца больш пра прыватнае жыццё Алеся: дзе, як і калі ён пазнаёміўся з будучай жонкай? Як нараджалася каханне, як стваралася сям’я… Шмат размаўлялі мы таксама пра службу ў Савецкай арміі, шматнацыянальнай арміі, у якой, здавалася б, не было месца на нацыянальныя пытанні. Цікава было даведацца і паслухаць пра беларускую салідарнасць у войску. Аказваецца, хлопцы трымаліся адзін аднаго, дапамагалі сабе ўзаемна, каб пратрымацца далёка ад радзімы ў своеасаблівых абставінах. 

Вядома ж, трэба было адкрыць суразмоўцу, дайсці да яго. Прасядзелі мы на размовах не адзін дзень у Белавежы, ездзілі ў маю родную Войнаўку на беларуска-польскай мяжы. І, прызнаюся, нават не думаў, што размаўляю з будучым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. 

Яраслаў Іванюк 

слухайце аўдыёфайл